НЯ СТАЛА ЯШЧЭ АДНАГО “ВЕРНОГО ДРУГА”
Пра гэта паведамляюць СМІ ўсяго сьвету. Памёр Уга Чавэс, сацыялістычны дыктатар лацінаамэрыканскай Вэнэсуэлы. У адрозьненьні ад іншых “верных друзей” менскага начальніка рэжыму, Чавэс завершыў свой шлях не ў гаагскай камэры і не на шыбеніцы пасьля прысуду народнага трыбунала. Перад вайсковым шпіталём у Каракасе, дзе ён згас, сабраліся нават натоўпы яго прыхільнікаў. Яны плачуць, сьпяваюць і абдымаюцца. Але гэта толькі частка вэнэсуэльскага грамадзтва і не самая вялікая яго частка. З краіны, загнанай у тупік чавусаўскім сацыялізмам, у бліжэйшыя дні будуць яшчэ паступаць розныя зьвесткі. Там усё толькі пачынаецца. Аб гэтым можна меркаваць, ведаючы гарачы тэмпэрамэнт вэнэсуэльскіх людзей, якія да двух ня лічаць.
Інтэлектуальныя эліты ненавідзелі халерычнага дэмагога Чавэса, спрабавалі давесьці ўсяму грамадзтву, што ён хлусіць і вядзе дзяржаву да калапсу. Але многія іх ня слухалі. Студэнцкая моладзь у адкрытую і ня раз выступала за ачышчэньне радзімы ад чавэсаўскай хунты. У адказ на гэта на студэнтаў нападала паліцэйшчына. Прэтарыянская гвардыя ўрывалася на тэрыторыю ўнівэрсітэцкіх гарадкоў і адкрывала агонь па моладзі, каб запалохаць яе і прымусіць замаўчаць. Але не запалохала і рот маладым не заткнула. Разумныя людзі (а іх шмат ёсьць у Вэнэсуэле) рытарычна пыталіся: “Наша краіна – адна з багацейшых у сьвеце па запасах нафты, а мы жывем у галечы і ў пэрманэнтнай крымінальнай сітуацыі. Як жа так?” Так што цяпер, як мяркуем, мільёны вэнэсуэльцаў прадставяць свае рахункі падзельнікам Чавэса па ягоным “чучхэ”. Як бы не давялося Маскве пасылаць свае крэйсэры ад берагоў Сірыі, дзе яны ратуюць Башара Асада, праз акіян ратаваць чавэсаўцаў.
У беларусаў свае ўспаміны пра траскучыя ўзаемныя візыты двух “важдзей”. І ў Менску, і ў Каракасе яны некалькі разоў наладжвалі стракаты паліткарнавал. Міжволі напрошваюцца паралелі і параўнаньні паміж двума зьявамі экзатычнай прыроды. І адзін і другі апантана заяўлялі пра “адзінадушную народную падтрымку”, пра сваю “сьціпласьць у штодзённым жыцьці – мне лічна нічэво ні нада”. У той жа час і адзін і другі шэраг гадоў душылі любыя праявы грамадзянскай ініцыятывы, разрабоўвалі захопленую тэрыторыю і падпарадкаваныя народы. І адзін і другі замянілі дзяржаўны сьцяг “на своё усмотреніе”. І адзін і другі стварылі шалёныя асабістыя капіталы.
Але ёсьць паміж імі значныя адрозьніваньні фармальнага кшталту. Чавэс не дадумаўся б ліквідаваць нацыянальную вэнэсуэльскую культуру. Наадварот, ён пазыцыянаваў сябе як барацьбіт за вэнэсуэльскасьць, супраць амэрыканскага імпэрыялізма, сусьветнага глабалізма, любіў хадзіць у понча і сьпяваў з натоўпамі нацыянальныя песьні. На адной іспана-лацінаамэрыканскай канфэрэнцыі ён перад тэлекамэрамі расперазана хаміў каралю Іспаніі, “помсьцячы” за каланіяльныя злачынствы 200-гадовай даўніны. Як і ўсе класічныя дыктатары, Чавэс хватка выкарыстоўваў цені нацыянальнай мінуўшчыны і прыкрываў свой рэжым каштоўнымі шатамі рэвалюцыйнай гісторыі. Зразумела, што гэта быў фарс, але эфэктны фарс. Чавэс перайменаваў краіну ў “Баліварыйскую рэспубліку”. Нават лукашэнкаўскі Шэйман атрымаў ад яго Ордэн Карабоба (названы ў гонар найвялікшай перамогі рэвалюцыйнай вэнэсуэльскай арміі над іспанскімі захопнікамі).
Паспрабуем уявіць сабе немагчымае. Начальнік мясцовага рэжыму пераймяноўвае РБ у “Вітаўтаўскую рэспубліку” і пазуе паўсюль пад партрэтам найвялікшага беларуса ў гісторыі. Хунта раздае гасьцям вышэйшы ў дзяржаве Ордэн Аршанскай перамогі. На канфэрэнцыі ў Сочах начальнік на пацеху тэлегледачам цягае за гальштук Пуціна і шуміць пра даўнія крыўды… Трэба прызнаць, што калі б немагчымае стала магчымым, то весьці змаганьне за ачышчэньне нашай зямлі ад антыбеларускай хеўры было б значна цяжэй.
Але фантастыка ніколі не станецца рэчаіснасьцю, пальма ніколі не прарасьце на бульбоўніку.
Можа и наших бы прихватил парочку?
